Хмарка (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
4 из 5
- Што ж ты бачыла, раскажы мне.
Хмарка крыху асмелiлася i пачала расказваць, як хораша на зямлi, як усе там шчаслiвы i радасны, як спяваюць мошкi, конiкi, травы, збажына.
- Хто сам шчаслiвы, таму здаецца, што i ўсе шчаслiвы, - сказаў Арол на гутарку Хмаркi. - Быў i я ў тых краях, адкуль прыблуталася iмасць. Там, гаворыш, - шчасце? А што ж, па-твойму, няшчасце? Там палi выплакалi апошнiя слёзы, каб даць табе жыццё, шчаслiвая Хмарка! I цяпер там нават расы не бывае. Але не для таго назначалiся слёзы, каб радзiць цябе на свет для бадзяння па чужых краях... - I доўга яшчэ гаманiў Арол, наракаў на Хмарку.
Слухала Хмарка нараканнi Арла i прыкра зрабiлася ёй. Прайшла ноч, зачаўся новы дзень, зноў пайшла ў дарогу Хмарка. Цяпер яна ўжо не чула сябе шчаслiвай i вольнай, як наўперад: так глыбока запалi ёй арлiныя словы.
Днi iшлi, праходзiлi тыднi, а яна, як заклятая, усё хадзiла па свеце. I дзе толькi не была яна! Якога гора не прыйшлося зажыць ёй у дарозе! Насiлася яна над пустэлямi, перад ёю рассцiлалiся моры, якiя не мелi берагоў. Ганялi яе ветры, iрвалi на кусочкi яе тонкiя валаконцы. I нiдзе на свеце не было ёй супакою. I вярнулася яна зноў у той край, адкуль i выйшла. Пажоўклыя палi, сухiя травы, пагарэлая збажынка гаротна вiталi Хмарку; пацямнела яна, зажурылася, паапускала пасмы i заплакала халоднымi слязьмi над роднымi палямi...
Стары Дуб, абмыўшыся дажджом, павесялеў i сказаў да Бусла, з якiм даўно ўжо быў у дружбе:
- От навука для тваiх дзяцей.
|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|