Страница:
100 из 594
— Для чарвякоў, бадай што, лішняе, — падаў голас ганец.
— Ну, не кажы. Мала што! Яны таксама ля карэнняў рыюць. Паехалі?
Ён падпяразваў сарочку скураным рэменем з кручкамі. Сарочка была відавочна з чужога пляча, і ганцу зноў стала непамысна.
Кат узяў меч.
— Можа, і не трэба, — сказаў ганец.
— Ну, на ўсякі выпадак. А што?
— Ды ерэтыкі. У лепшым выпадку вешаць, а то і вогнішча.
Кат расплыўся ва ўсмешцы.
— Ну, брат, гэта ты добрае прынёс… Гэта…
— Уга-га! — падзяліла захапленне, сказала замест гаспадара істота на шафе.
І толькі зараз у святле свяцільніка ганец убачыў там вялізную, у палову сажня, кугакаўку. Ён ніколі не бачыў такіх. У два разы большая за любога пугача. Ганец пазадкаваў да дзвярэй.
— Ну, звяры, — сказаў кат, — не дурэйце тут без мяне, заставайцеся разумныя. Я вам за гэта мяса прывязу з горада.
…Яны павольна ехалі берагам Нёмана. Сонца было ў зеніце і паліла няшчадна і нелітасціва.
— Я, брат, чалавека ведаю да апошняга, — разважаў кат. — Як ніхто больш. Работа ў мяне старадрэўняя, пачэсная, ганаровая. З усімі вялікімі людзьмі, ужо не кажучы пра ўсіх разумных, знаёмы.
І раптам ганец зноў убачыў на катавым твары расчараванне і меланхолію.
— Але работа ў мяне няўдзячная. Гандляр, скажам, дагодзіць пакупцу — яму рукі ціснуць, у наступны раз да яго прыйдуць. А да мяне? Лекару ад таго, хто ачуняе — падарункі. — Кат усхліпнуў.
|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|