Страница:
111 из 594
Па зале пракаціўся кароткі рогат. І змоўк. І толькі тут усе заўважылі, што ў мніха сапраўды белыя, але вострыя, як у сабакі, зубы. Ніхто неяк раней не заўважаў, таму што ён вечна ўсміхаўся, але толькі аднымі вуснамі.
— Гэта мярзотна, урэшце, — узвысіў голас Юстын. — Я забараняю гэта. Няхай агонь, абы не пляваць на вогнішча. Звер ірве ворага на кавалкі, але не паплюжыць яго. І чаго варты воін, які займаецца тым, што ганьбуе і бэсціць праціўніка? Што б вы сказалі аб бітве, дзе абодва бакі замест таго, каб біцца, узводзяць паклёпы адзін на другога?
— Вы што? — шчыра здзівіўся мніх.
— Мне абрыдла. Я хрысціянін і, як хрысціянін, дбаю аб веры і таксама не люблю людзей, якія распялі майго Бога. Але тое, што вы кажаце — паклёп. Гэты ваш пісака, па-першае, не бачыў ніводнага іудзея. Ён проста няславіў шчаслівага суперніка ў каханні. Не ведаю, ці хлябталі кельціберы мачу, — хай гэта будзе на ягоным сумленні. Калі гэта не так — ён проста брахун, як усе пісакі. А вы — горшы за яго. Вы — паклёпнік. У той час ва ўсёй Іберыі не было ніводнага іудзея. Ніхто не патрабуе, каб дзве арміі паклёпнічалі адна на адну. Іхняя справа — біцца… Кажы далей, іудзей.
Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі, адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар быў у гэты момант страшны. З-пад падстрыжаных у скобку валасоў вуголлямі гарэлі вочы. І раптам з яго нібы нехта выпусціў паветра. Ён сеў і безнадзейна махнуў рукою:
— А-а, што там. Усё адно.
|< Пред. 109 110 111 112 113 След. >|