Страница:
109 из 594
Няхай памяццю прашчура. Вось яны з'явіліся і тут. Наколькі лягчэй было жыць між напалову паганскага народа.
Але ён быў выносны і ўчэпісты, як дзяржы-дрэва на скале. І таму ён не закрычаў, а, упершыню за ўвесь час, усміхнуўся. І тут адкрыліся зубы такой сляпучай белі, што бурмістр Юстын усміхнуўся ў адказ.
— Прыемна чуць, што вы пабывалі ў такім падарожжы, — сказаў езуіту Раввуні. — Колькі вы ехалі адтуль?
— Два месяцы.
— Ну вось. А мне на гэта спатрэбілася амаль два вякі. Можаце-ткі мне паверыць.
— У мяне ў Іспаніі быў адзін друг, — усміхнуўся Басяцкі.
— Толькі адзін? — нечакана для сябе самога спытаў Багдан Роскаш.
— Ён адзін быў варты тысяч, — і мніх зноў усміхнуўся, бо ўспомніў парады гэтага друга наконт народа беларускай зямлі, які ўграз у язычастве, дагэтуль трымае ідалаў і слова і больш, чым у Хрыста, верыць у Маці Божую* (хаця ўсім вядома, што яе адзіная заслуга была нарадзіць Богачалавека), які ўвесь засмечаны ерассю. Успомніў ён і другія парады вялікага друга. Наконт г э т ы х, якім па недахопу рэўнасці Божай і дбання аб ягонай велічы далі тут прытулак. Успомніў ён і парады аб ведзьмах і ведзьмарах.
* Культ Маці Божай прывіўся асабліва лёгка, бо яна атаясамлівалася з багіняй плоднасці, «вялікай бабай» Ціоцяй.
І таму, што ўсяму гэтаму заставалася жыць нядоўга, і таму, што вось гэтых ужо заўтра ўзвядуць на вогнішча, каплану стала лягчэй, і ён усміхнуўся яшчэ. На гэты раз іудзею, Роскашу і Юрасю.
|< Пред. 107 108 109 110 111 След. >|