Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 125 из 594



Лявон раптам ганарліва ўскінуў галаву: відаць, не вытрымаў, сарваўся, няхай і на шкоду сабе. Хітрыя вочы забіякі засвяціліся.

— Каму разбірацца сярод гэтага мужычча? Мне дваццаць адзін… Яны ўсе дурні… А ў нас у хаце сам кроль Аляксандр дваццаць два гады таму спыняўся і начаваў і ўсіх жыхароў яе ласкаю сваёй крулеўскай адзначыў.

— Чулі, што вярзе? — шапянуў Лотр Басяцкаму. — Вось вам і адпусціць. Хай лепей пісар занясе, акрамя багахульства, яшчэ і абразу нябожчыку каралю.

— Чаму? — шэптам спытаў Балвановіч. — Магло быць. Ён быў добры кароль. Нас любіў. Просты. І, між іншым, ніводнай бабы, нават з курнай хаты, калі толькі магчыма было, ласкай і прыязнасцю сваёй не абмінаў. Гэта вам не іншыя. І што дзіўна, самі бабы так да яго і ліпнулі. Можа,таму так мала і цараваў.

— Магло-о быць, — перадражніў Лотр. — Магло быць, ды не тут. Дзеці іхняе мосці зараз ледзь дзеўкамі цікавіцца пачынаюць… Колькі год, як кароль памёр? Ага. А цараваў колькі? Чатыры гады і восем месяцаў. То за колькі год да ягонага царавання гэты боўдур нарадзіўся? Магло-о бы-ыць.

Лявон Конаўка зразумеў, што рэкнуў лішняе. Тытунёвыя вочкі забегалі.

— То вось у той вечар мы з гэтымі непадобнымі, з мужалапамі гэтымі пабіліся. Сіла гэты як пачаў крычаць і торгаць за сетку:

— Мая мярэжа!

— Ты яе разблытай спачатку, тады ўбачыш — чыя! — крыкнуў яму я.

— Ён за мярэжу — торг! Я таксама — торг! Тады ён разварочваецца і мне па пысе. Аж дзень залатымі мухамі пайшоў.

|< Пред. 123 124 125 126 127 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]