Страница:
123 из 594
Камар, які зноў заснуў, раптам прачнуўся, спытаў:
— Па чужых стайнях рыбакі?
І тут выступіў наперад той, цыганаваты, з вугольнымі бліскучымі вачыма, са жвавым, як у малпы, абліччам, які так спрытна ставіў падножкі ў часе сутычкі.
— Па чужых стайнях — гэта быў я. Міхал Іліяш маё прозвішча.
— Ты — пасля, — сказаў Камар. — Не хвошчуць — не дрыгай нагамі.
— Гэта я разумею, — выскаліў зубы Міхал.
— Н-ну, браты… То з кім гэта вы біліся?
Два былыя «эфіопы» выйшлі і сталі побач з імі. Адзін, здаровы, як халера, тугі, з платаядным ротам і самовымі вочкамі — сапраўдны Гарганцюа, — сказаў басам:
— Я таксама рыбак. Лаўлю выразубаў, мірон, а асабліва самоў. Гэта калі іх вымачыць ды патлушчыць іхнім жа тлушчам, — ён прыклаў да вусоў пальцы, — м-м-нм… А прозвішча маё Сіла Гарнец… А ото мой нягожы братка. Такі няўдалы, што двухгадовага шчупака толькі з цяжкасцю з'есць. Зваць яго Ладысь.
Ладысь Гарнец выступіў наперад. Худы, вельмі падобны на дзяўчыну, з доўгімі рыжавата-залацістымі валасамі. Рот прыадкрыты, як у юрода, у вачах мудрагельства.
— Рыбак. Але ў ісціне хадзіць хачу. У ісціне.
— Вы не глядзіце, што ён такі… прыдуркаваты, — сказаў Сіла. — Ён два гады ў царкоўнай школе вучыўся. Выгналі. Мудрагеліць пачаў, прароцтвы чытаць… Сапсулі яго там… І зараз не сваімі словамі гаворыць, а не можа запомніць, у якім зарожку больш рыбы. А гэта проста… Вось, скажам, ля могільніка, там бялёзны — ані-ані…
— До, — сказаў Лотр.
— І балабы няма…
— Не рыбу, але будзеце ўлаўляць чалавекаў, — сказаў Ладысь.
— До. Кажы далей ты, Сіла.
|< Пред. 121 122 123 124 125 След. >|