Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 13 из 594

Замільгалі па баках шэрыя хаты, халупы, складзеныя з тарфяных цаглін, і проста зямлянкі.

Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка*, прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.

* Вацок — каліта.

— Дарэмна вы гэта, — сказаў яму біскуп.

— Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.

— Дарэмна вы гэта, пан Лотр.

— Чаму?

— Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым… каб гэта ўбачылі іншыя — яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю… Лепей прыбавіць хады і цяпер.

Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з'явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.

— Што ён табе даў?

— Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.

— А хлеб смачны?

— Смачны.

Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:

— Прыго-ожыя.

— Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.

Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.

— Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, — ціха сказаў Лотр. — Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.

Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што.

|< Пред. 11 12 13 14 15 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]