Страница:
11 из 594
З-пад рас выглядалі кальчужныя каўняры, пад плашчамі былі залочаныя латы з сонцам на грудзях. (У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх латах паганцы; ператварылася таму, што, вядома, не да твару было хрысціянам насіць на грудзях паганскі знак. І вось замест твара Мядузы гразіўся з лат ярасны сонечны дыск, а замест змей хваліста разбягаліся праменні.)
Здаецца, супраць таго, што гэта папы, сведчыла і іншае. Тут не было ніводнага чалавека, пры боку і ў руках якога не было б зброі.
Елянцовыя — палескія, цісавыя — заходнія і страшныя беларускія лукі з двух змацаваных рагоў шэрага ляснога быка, калчаны-тулы, пішчалі; гіганцкія, у чалавечы рост, двухручныя мячы з хвалепадобным або прамым лязом, без піхваў, бо з іх немагчыма выцягнуць самому лязо такой даўжыні; мячы сярэдняй даўжыні і кароткія корды. Азіяцкія, прамыя, як меч, шаблі і шаблі булатныя, змеепадобныя; персідскія, вузкія, як аер, і вострыя, як джала; турэцкія ялмані* са сталлю, якая ідзе блакітнымі зорачкамі; ятаганы, падобныя на сярпы і прызначаныя, як і сярпы, для ўдару ўвагнутым бокам; прыдняпроўскія беларускія дзіды паўтарачнай даўжыні і таму прызначаныя для кідання нагой, з пад'ёму ступака, і беларускія ж іклы, кароткія мячы з лязом шырокім і тоўстым, як каровін язык, і даўжынёю ў дваццаць пяць дзюймаў, з месяцападобным канцом рукаяці, для ўпору ў жывот або грудзі, калі кідаешся на ворага, і двума ўпорамі для рук, іклы, прызначаныя для смяротнай рукапашнай у цеснаце.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|