Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 12 из 594

І на ўсім гэтым — рабізна залатых карбовак, эмалі, золата, рубінаў, ажурных накладак. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі — вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць.

* Шаблі, пашыраныя і часам уцяжараныя на канцы.

Здзівіўся б такому толькі чужаземец. На працягу некалькіх стагоддзяў, а асабліва ў той час, дажджом сыпаліся дэкрэты, у якіх забаранялася духоўным асобам насіць зброю ў мірны час, выхваляцца ёю, злоўжываць ёю. І, аднак, ніхто не звяртаў увагі на дэкрэты і на пагрозы, што былі ў іх. У крайнім выпадку можна было спытаць нават і самога папу, дзе ён бачыў мір. І таму ўзброены былі ўсе, акрамя некаторых жанчын.

Так, жанчын. Трэцяе, што магло б прымусіць усумніцца ў тым, што едуць людзі, надзеленыя духоўным санам, было тое, што з імі на асобных конях, а то і проста за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрскі вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак. Зубастыя, відавочна драпежныя, відавочна неакрэсленых паводзін — усё адно знатная гэта была дама ці жанчына з бессаромнай вуліцы.

Некаторыя кабеты былі таксама ўзброены. У астатніх сядзелі на пальчатках сокалы.

З гікам, выгукамі, рогатам імчаў конны паязд. Беглі на сворках гладкія ваўкарэзы і хортыя.

Коннікі ўварваліся ў вёску, як арда.

|< Пред. 10 11 12 13 14 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]