Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 23 из 594



І адразу тыя двое, што гаварылі такія мярзотна-разумныя і страшныя рэчы, забыліся на іх, забыліся нават на тыя мудрагелістыя словы, якія толькі што так лёгка вымаўлялі іхнія вусны. Нібы замкнула ім рот.

Бо гэта пакінулі іхняе цела душы той справы, якую ўсе яны рабілі. Засталася яе закасцянелая абалонка.

Можа быць, што прыродны балван, які нават ніколі не чуў… ну, скажам, аб Платоне, аб'ектыўна служыць папоўшчыне, менавіта таму, што ён балван? Можа самаўпэўненае быдла, што ніколі не чула аб Ніцшэ, аб'ектыўна быць ніцшэанцам менавіта дзякуючы сваёй непісьменнай маніі велічы? Можа дурань, які скончыў два класы царкоўна-парафіяльнай школы і палічыў, што з яго досыць і што ён усё ведае, вучыць фізіка, як яму сепарыраваць плазму, і паэта, як яму карыстацца дольнікам і цэзурай? Можа. І хіба такім чынам, не ведаючы гэтага, ён не будзе служыць страшнай ідэі цемры? Будзе. Будуць.

Яны не ведалі такіх слоў, як «ідэя», «абсалютны дух», «чалавечнасць». Але ўсё сваё існаванне, усе свае ідэі яны паставілі на служэнне гэтаму абсалютнаму духу ў яго барацьбе з чалавечнасцю.

Цёмныя і брудныя, нават фізічна, яны не думалі, што плаванне Калумба і выданне Скарынай Бібліі на зразумелай мове — ёсць два ўдары з серыі смяротных удараў, якія наносіць іхняй догме новы Чалавек.

Але інстынктыўна яны адчувалі, што гэта в а р о ж а, што гэта баламуціць, непакоіць, што гэта асвятляе бязлітасным і смертаносным святлом тую ўтульную і цёмную гнойную жыжку, у якой яны кішэлі.

І таму яны змагаліся, то бок а б ' е к т ы ў н а дзейнічалі так, як быццам іхнія цёмныя мазгі разумелі і ведалі ўсё.

|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]