Страница:
25 из 594
Рабавалі, разважалі аб тым, колькі анёлаў можа змясціцца на вастрыі голкі і што было ў Бога спачатку, Слова або Дзея, баяліся падкопаў нячыстага, судзілі мышэй.
І таму, паказаўшы праз д'яблаў, што вылецелі ў іх з ратоў, аб'ектыўны сэнс іхняй ідэі і іхняй дзейнасці, я цяпер стану паказваць іх такімі, якія яны былі. А калі здарыцца ім сказаць нешта такое, што вышэй за іх саміх на чатыры галавы, — ведайце, што гэта паказвае свае рожкі бес, які зноў потайкам забраўся ў іхнія душы.
Бесы ўсё яшчэ віселі над галовамі коннікаў, чакалі.
Лотр ехаў і гідліва глядзеў па баках.
— Мне здаецца, вы вывезлі мяне паляваць на мышэй, — сказаў ён.
— Чаму?
— Глядзіце, — і кардынал запусціў доўгія белыя пальцы ў падплоеныя валасы.
На чорнай, як вугаль, зямлі варушылася жывое. Сотні мышэй сноўдалі ад аднаго квёлага парастка да другога, падточваючы іх.
— Шэрыя! — віскнула жанчына.
Лотр паказаў белыя зубы:
— Калі гэта тонкі намёк на адзенне нашага спадарожніка і ягоны ордэн…
Басяцкі засмяяўся:
— Тонка, ваша правялебнасць. Але гэта проста мышы. Бачыце, бягуць адусюль у Гародню. Як апошняя Божая кара. Чуюць, што там хлеб. Нічога, да мураваных складаў і свірнаў ім не дабрацца… А ўвогуле дрэнна. У горадзе іх з кожным днём прыбывае. Спасу няма. Нават з царкоўных скарбонак вылазяць мышы.
— Занадта старанна і дбайна ачышчаеце тыя скарбонкі?
— Не. Проста ў мяшчан ужо таксама амаль няма хлеба.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|