Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 24 из 594



Магло б здацца (бо гэтая іхняя «дзейнасць» была паслядоўнай), што яны ўсё разумеюць, што яны нясцерпна-разумныя чорным сваім розумам, што яны — свядомыя воіны цемры. А яны былі проста людзі свайго саслоўя, якія баранілі сваю ўладу і «веліч», свой мяккі кавалак. Яны былі проста дзеці свайго часу, няшчаснага, хворага, гнойнага, сагнутага, калі чалавек быў амаль жывёлай і толькі сям-там выбіваліся наверх парасткі скарлючанага, але ўпартага і моцнага жыцця.

Яны былі гной, але няма такога гною, які не лічыў бы, што ён — вышэйшая субстанцыя, і не лічыў бы з'яўленне на ім зялёных парасткаў з'явай ніжэйшага парадку.

І супраць гэтага жыцця яны змагаліся насмерць, мала разумеючы, чаго змагаюцца, і ведаючы толькі, што — «т р э б а». А «т р э б а», якое клікала іх да нянавісці, была догма, гнюсная і даўно састарэлая, як усе догмы і панацэі*, ідэя ўсясветнай ваяўнічай царквы. І страшныя, і разумныя, і шкодныя яны былі толькі ў а г у л ь н а й сваёй дзейнасці, у в о г у л е, усе р а з а м. І ў гэтым быў знак, што яны аджылі.

* Панацэя — шарлатанскі сродак ад усіх бедаў.

Супраць іх біліся цяпер адзінкі. І справа гэтых Чалавекаў была мацнейшая за тупое функцыяніраванне гэтай сіфанафоры*.

* Вальнаплаваючыя марскія жывёлы тыпу кішэчнаполасцевых. Жывуць неразрыўнымі калоніямі, часам да 20 метраў даўжыні. Драпежнікі. Ловяць здабычу і ўжываюць яе на ўсю калонію.

Па-за служэннем сваёй страшнай ідэі яны былі людзі свайго часу, не разумнейшыя і не дурнейшыя за ўсіх людзей.

|< Пред. 22 23 24 25 26 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]