Страница:
29 из 594
Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш — жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву — таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.
Хлебнік і рыбнік, гаспадары дзвюх вялікіх суседскіх крам і шматлікіх пры іх складаў, сядзелі ля дзвярэй у цяньку, на каменных лавах, ды лянотна гаманілі аб сім-тым. Балела з пахмелля галава: учора добра памаліліся богу Борцю, якому па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля свепетаў* бярозавік і разведзены вадою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць — злітуйся і ўратуй нас, Пан Езус.
* Свепет — борць, або пчаліны бортны рой.
Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.
— Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?
Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:
— Гу-у. Блохі… Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы… Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння… як гарэлачная пляшка.
— Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля… І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.
— Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.
— Не буду.
|< Пред. 27 28 29 30 31 След. >|