Страница:
27 из 594
А хто застаўся, той будаваў, прама скажам, дрэнна: ведаў, што на ягоны век хопіць, а там хай бы і трава не расла. Дзеля каго было будаваць? Ён, князь, вядома, герой, дык лёгка ж быць героем на трупах пакораных. Спачатку гінулі ў войнах з ім, потым гінулі ў войнах за яго. Ды яшчэ каб бярог старыя звычаі ды веру, а то з лаціннікамі спеўся. То гары яно ясным гарам!
Такая ў той час абыякавасць напала на людзей! Дый майстэрства падупала, як заўсёды пры вечнай вайне. І вось з паўтарасажнёвых муроў выпадалі і каціліся ў Нёман камяніскі, трушчыліся пад цяжарам валунных слаёў слаі цэглы (муры былі, як слоены пірог: слой каменных брылаў — слой цэглы), вежы (чатыры квадратныя і адна круглая, па імю Зафея) былі запушчаныя, выраслі на іх малыя бярозкі, лебяда і іншая дрэнь. Сачылі, відаць, больш за замкавым палацам, чым за мурамі.
І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы — камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе — узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.
Людзі на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, не звярталі на птушак ніякай увагі, дарма што крумкачы лямантавалі не толькі над Зітхальным Гарбом, а і над вежамі. Звыклі. Чаго ні даводзілася бачыць за апошні час. Трэба было жыць.
|< Пред. 25 26 27 28 29 След. >|