Страница:
32 из 594
Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў** падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім — прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.
* Неф (або карабель) — выцягнутая ў даўжыню, прамакутная частка будынка.
** 1405 г.
На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, — катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавечы і адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|