Страница:
34 из 594
Акрамя Басяцкага, Камара і Лотра, сёння, як на ўсіх працэсах, што былі царкоўнымі па юрысдыкцыі, але датычыліся ўсяго горада, сядзелі ў суднай зале войт горада Цыкмун Жаба, шырокі брухам, грудзьмі і ўсім іншым магнат, апрануты ў залататканую чугу і з пячаткаю неверагоднай тупасці і такога ж неверагоднага самаўзвышэння на твары; бурмістр горада Юстын, якога ўжо трэці год выбіралі на гадавы тэрмін: мяшчане — таму, што быў адносна справядлівы, купцы — таму, што быў багаты, а царква хаця і не выбірала, але не пярэчыла, бо толькі яны адны ведалі, колькі ўсяго рознага ўдалося ім і магнацтву выдрацьад Юстына, рады і горада за гэтыя тры гады.
Сядзеў, акрамя іх, схізмат (дармо, што Гародня тады была пераважна праваслаўнай), правялебны Рыгор Гародзенскі, а ў міры Гіляр Балвановіч, а для непачцівых і цяпер проста Грынь. Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт.
Акрамя іх, было яшчэ некалькі духоўных за судзейскім сталом, а ў другім канцы залы вяшчальнікі, якія за пачаткам суда выйдуць за муры і абвесцяць аб усім гораду, і дзесяткі тры цікаўных са шляхты і іхніх кабет.
Ды яшчэ ля сцен стаяла варта, а сярод іх вызначаліся двое: паўсотнік Пархвер, сапраўдны гігант у сажань і шэсць дзюймаў ростам і адпаведны ў плячах і грудзях, і сотнік Карніла, змрочнага выгляду, нізкалобы і каржакаваты, як корч, воін.
На Пархвера на вулках глядзеў натоўп. У Кракаве па ім вар'яцелі прыдворныя разбэшчаныя жонкі, таму што быў ён не проста хваравіты гігант, якога і вецер пераломіць, а сапраўдны, прапарцыянальна складзены волат, першы на кані, першы на мячах, першы за сталом, з рукамі, таўшчынёю, як сярэдні чалавек у поясе, вагою трохі цяжкаваты. І прытым не бык. Твар спакойны, вочы вялікія і сінія, нават з задумлівасцю, валасы залатыя. Чорт яго ведае, як яго такога ўмудрыліся выпусціць на свет?!
Карніла здаваўся перад ім проста малым, хаця быў сярэдняга росту.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|