Страница:
37 из 594
— Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.
Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.
— Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб'елі яны нашу квітнеючую краіну, — біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. — Гноем павінныя гадавацца — хлеба яны ўсхацелі.
Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю, пенныя заедзі накіпалі ў кутках вялізнага жорсткага рота.
— Радзіму нашу мілую, слаўны горад Гародню, горад гарадоў, асірацілі яны. Жэрлі, бы не ў сябе, і апаганьвалі жыта наша, і выводзілі ў ім гэтакіх жа дзяцей граху, як самі. Імем царквы ваяўнічай, імем Бога і апостальскага намесніка яго на зямлі, імем вялікай дзяржавы нашае і прасветлага кроля Жыкгімонта — я вінавачу!
Голас ягоны загрымеў пад нізкімі скляпеннямі, як голас звона ў званічнай клетцы.
— Я вінавачу гэтае адроддзе ў беганіне ўначы пад падлогаю, у палоханні жонак і… палюбоўніц…
Лотр зразумеў, што Камар трохі заманіўся. Ужыў з разгону пасля слова «жонак» злучнік «і», не ведаў, што б такое назваць яшчэ, і, па сваім вопыце ведаючы, што «каханка» ўсё ж менш ганебна, чым «дзеці», ляпнуў «каханку». І гэта ў той час, калі дзяцей мае кожны жыхар горада, а трымаць палюбоўніц — рэч недазволеная.
|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|