Страница:
35 из 594
Чырвоны, трохі больш грузны, чым трэба, падстрыжаны пад гаршчок, падобны ў сваіх латах на самавар — нічога асаблівага. Млелі па ім пры двары, дзе ён таксама бываў у войтавай свіце, куды меней. І ўсё ж, хаця жанчыны і тут рабілі палітыку ў большай ступені, чым гэтага хацелі і чым аб гэтым думалі мужчыны, Карніла ішоў да вайсковай верхнасці хутчэй за ўсіх. І ўсе ведалі: менавіта яму дадуць тысячніка, калі з выпадку вайны трохі павялічыцца гародзенскае войска. Таму што Карніла вызначаўся дзіўнай, амаль нечалавечай спраўнасцю, вернасцю і дысцыплінай, а ў Пархвера, хаця і разумнейшы быў, здараліся прыпадкі ярасці, гневу і баявой лютасці, такой, калі чалавек ужо не зважае ні на што: ні на ворага, ні на сваіх начальнікаў.
Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, — перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.
Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал* Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! «Бярэ» занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.
* Абвінаваўца.
Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|