Страница:
40 из 594
* «Молат ведзьмаў» — ізуверская сярэдневяковая кніга аб ведаўстве і сродках, якімі можна вырваць у ведзьмаў прызнанне.
— Разгарніце яе! Разгарніце! — залямантавала нейкая жанчына на лавах.
— Я ведаю яе на памяць, — сказаў дамініканец. — І я не задумваўся б ужыць яе, каб для гэтага былі прычыны. Пакаранне мы знойдзем і без «Молата ведзьмаў». Помніце, яны прызналіся… Зрэшты, паколькі справа аб хлебе датычыцца перш за ўсё не сыноў царквы, якія дбаюць больш аб хлебе духоўным, а міран — я хачу спытаць, што думае аб гэтым славуты сваім найвенкшым багаццем, розумам і сілай, ды яшчэ і адукацыяй, магнат, ілюстрысіме Цыкмун Жаба.
Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Тлустыя касіцы чорных валасоў падалі на вочы. Адкашляўся. Твар стаў такі, што хаця б і Карлу Вялікаму па паважнасці, толькі што дурны, як свіная левая шынка.
— Свядомасць — важная справа. То бок прытомнасць… Тфу… прызнанне. Прызнанне — гэта… уга!… Памятаю, выпівалі мы… Прызналіся яны тады… Зноў жа, і хто кажа, што ведае, гаворыць праўду, а словы лжэсведкі — падман. Мужыкі мае сведчылі: аб'елі іх мышы, а…
Жаба тужыўся, нараджаючы ісціну.
— …гэта… vox populi vox… гэта… Як бо гэта ў калегіюме казалі… ну, arbiter elegantiarum…* Памятаю, закусвалі мы…
* Бессэнсоўны набор лацінскіх слоў: «Голас народа — голас… арбітра элегантнасці» (прыгожае).
— Скажыце пра мышэй і збожжа.
— Збожжа трэплюць: водзяць па ім малатарныя колы з канямі іхнімі. І гэта адбываецца ад Пана Бога.
|< Пред. 38 39 40 41 42 След. >|