Страница:
42 из 594
Згарэла нават лебяда. Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак — лань. Мяса і рыба былі — гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго. Мяса, заўсёды толькі мяса дзікіх жывёл, ды яшчэ і забароненых верай (як заяц) або магнатам (як лань). Сёння спаймаў аж трох, а потым за тыдзень нічога. А солі, каб зберагчы, таксама не было.
Дзецям бацькі ўсё ж давалі патроху хлеба, і то малыя пакутавалі жыватом. А самім даводзілася дрэнна.
Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады?
Зянон гнаў ад сябе гэтыя думкі. Усё адно нічога не зробіш. Ён прайшоў зарэчную частку з дамамі багатай замкавай шляхты і замкавых рамеснікаў, прайшоў драўляны мост і стаў падымацца па ўзвозе. Увесь час яго абганялі вазы з ільняным насеннем, соладам, хмелем, бочкамі піва, вапнай, футрамі ў звязках, жалезнымі паробкамі і, галоўнае, хлебам. І мужык не мог не думаць, чаму гэта так, што вось у яго няма і бязмена хлеба, як амаль ва ўсіх, а вазы цягнуцца, цягнуцца, і ўсіх іх хутка паглыне нясытая зяпа Старога рынку, а потым замежныя землі. Нешта тут усё было не тое.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|