Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 500 из 594

Атрад унутранага парадку, што спаў у зале рады, прачнуўся, але белыя крыжы былі ўжо ва ўсіх дзвярах. І кінуліся на бяззбройных, бо зброя іхняя стаяла ля сцен.

Раввуні ўскочыў адным з першых, працягнуў руку да таго месца, дзе ляжаў рукапіс, і… усё зразумеў. На стале ляжаў адзін, выпадкова забыты Мацеем, лісток, на ім былі словы: «Бо маленькія адказваюць за вялікіх, мышы — за каршакоў…» Іосія думаў нядоўга. Нясцерпная трывога за Анею сціснула ягонае сэрца. І ён, нягледзячы на тое, што зусім не мог біцца, кінуўся на вуліцу, у самае пекла.

А над горадам ужо загаварыў набат. Металічна, дзіка, страшна крычалі званы. Абарона людзей, якіх заспелі знянацку, з самага пачатку рассыпалася на сотні асобных ачагоў. І ўсё ж чалавечыя пылінкі збіраліся разам, стваралі з сябе групы, атрады, невялікія гурмы. Ім было за што біцца. Яны ведалі сваё месца, і, калі ім удавалася туды трапіць, яны змагаліся адчайдушна. Па ўсім горадзе нараджаўся і ўставаў, хай сабе і хістаючыся на нагах, а д п о р.

Кацілася вуліцамі лава «крыжоў». Палалі паходні. Сям-там ускідвалася полымя ад падпаленых дамоў і асвятляла месцы сутычак, дзе людзі біліся і гінулі, паасобку або ў гурме. Секліся паўсюль: на плошчах і ў тупіках, на вежах і на галерэях лямусаў. Біліся, ляцелі ўніз, на дзіды; зваліўшыся на зямлю, кусалі ворагаў за ногі. Раўлі званы. І паўсюль ішла праца мячэй. Моташны, немы крык ляцеў вуліцамі.

|< Пред. 498 499 500 501 502 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]