Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 498 из 594

Варанёныя латы цьмяна блішчэлі, як хіцін.

І калі рассыпаліся «белыя крыжы» па вуліцах, было іх многа, як мурашак.

Загарэлася сінім святлом акно на адным з гульбішчаў, што вялі ад званіцы Дамініканаў. Тысячы вачэй глядзелі на самотны агонь.

— Пачалі.

Агонь мігцеў. І, падпарадкоўваючыся яму, цені пацягнуліся вуліцамі, пачалі заходзіць у мечаныя дамы. Хто іх меціў і за што — іх не датычылася. Можа, тут жылі сапраўды «вінаватыя», а можа, нехта проста зводзіў рахункі з суседам, — яны не думалі пра гэта. Добра было тое, што дзверы памечаны крыжам Збавіцеля, а не паганскім, шасціканечным. Добра было помсціць і забіваць. Добра было тое, што вось аднаўляецца сапраўдны парадак.

Заходзілі, цягнулі з ложкаў або канчалі проста так. Часам далятаў з пакояў споўнены пакуты крык, але часцей адказам на ўдар было маўчанне: работалі чыста.

Лотр стаяў у садку над маладой парай, што спала пад вішняй. Ногі маладых лёгка спляліся, на вуснах былі ўсмешкі. Далёка адкінуты ляжаў корд мужчыны, а рука ягоная ляжала на жаночым плячы.

Кардынал перахрысціўся і два разы апусціў меч.

Хлебнік, праходзячы паўз вадамёт, запнуўся аб спячага. Той ускрыкнуў, але гандляр паспеў утыркнуць меч яму ў горла і адразу прысесці за агарожу басейна, і непадалёку сонны голас спытаў:

— Чаго гэта ён?

— Патрызнілася нешта, — адказаў другі. — Спі.

Хлебнік трохі счакаў і на дыбачках пайшоў на галасы…

…Паўсюль, пакуль яшчэ бязгучна, чынілася справа забойства.

|< Пред. 496 497 498 499 500 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]