Страница:
503 из 594
Пасля ён прызвычаіўся і да гэтага; мала таго, калі бачыў,што ўнізе б'юцца, сам спыняўся на хвіліну, аддзіраў некалькі чарапіц, кідаў на галовы забойцам і радаваўся, калі чарапіца была свінцовая. Найбольш вузкія вуліцы ён пераскакваў і таму дабраўся да Ростані даволі хутка. Спусціўся ўніз і ўбачыў, што дзверы хаты сарваныя з завесаў, слюда вокан падраная, а на парозе ляжыць белая жаночая хустка.
Так ён і стаяў у непаразуменні і адчаі. Такога і ўбачыў яго патруль, якому паказалі дом апосталы. І толькі калі «крыжы» агалілі мячы — залатых спраў майстра апрытомнеў. Цяпер трэба было ратаваць сябе. І ён, перакуліўшы некалькі чалавек, прарваўся праз іхні заслон, згубіўся ў лабірынце завулкаў.
…Другі чалавек бег да дома Анеі аж з Каложскай слабады. Худы, цёмны тварам, чорны да сіні валасамі. Ён бег, пераступаючы трупы, абмінаючы параненых, якія стагналі, і ў яго змрочных вачах усё мацней разгараліся жах і непаразуменне.
Вуліцамі валодала разня. Яна панавала над імі ўсеўладна і нястрымна. У зарыве паходняў барвяна мільгалі мячы. Над імі лунаў немы крык, гучалі праклёны, лаянка, бразгат, хрыпатая пераклічка па-беларуску, польску і нямецку (сярод прыведзеных Лотрам было шмат наймітаў, бо ён ведаў: гэтыя не будуць шкадаваць чужых).
Нападаючыя нібы ашалелі. Звар'яваныя вочы былі налітыя крывёй. Цягнулі, рэзалі. Слабы строй мяшчан і рамеснікаў біўся роспачна і таму страшна. На Старым рынку віравала каша з чалавечых цел, сталі і крыку. На зліцці рынку і Старой вуліцы арудаваў мячом волат Пархвер.
|< Пред. 501 502 503 504 505 След. >|