Страница:
504 из 594
Залатыя валасыў чужой крыві, сінія вочы страшныя. Кроў цякла ў яго з пляча, пена — з вуснаў, але ён не заўважаў гэтага. Ім валодала пана.
Іуда не ведаў, што Хрыстос у далёкай слабадзе таксама пачуў гукі набата, што зараз ён утрапёна бяжыць садам, ламаючы лаўжы… Ён бачыў толькі, што забіваюць людзей, і адчай, падобны чымсьці на самаахвярнае захапленне, запаланіў усю ягоную істоту.
Апошнім штуршком было тое, што ён зірнуў у цясніну Старой вуліцы і ўбачыў, як па ёй ідуць проста на яго, да рынку, да замка, некалькі постацяў: чацвёра латнікаў вялі Анею.
У яго была толькі адна зброя. І ён ужыў яе. Чорным, у свеце паходняў, ценем ён кінуўся ў гурму, проста між шэрагамі, якія змагаліся і забівалі, уздзеў рукі:
— Людзі! Людзі! Стойце! Вы браты! Нашто вы крыўдзіце адзін аднаго?! Не забі! Чуеце?! Не за-бі!
Ландскнехт ударыў кагосьці мячом, і той стаў асядаць па сценцы. Кроў біла ў яго з соннай артэрыі. І забойца, як звар'яцелы, падставіў пад струмень далоні, стаў хлябтаць з іх, як з каўша.
— Не за-бі-і!…
Іуду схапілі за рукі.
…У гэты самы момант, далёка за горадам, у сасновым лясочку, апосталы перамотвалі рамяні на поршнях. Быў якраз самы цёмны час перад світаннем, але нават тут, на ўзлессі, было даволі добра відаць: над Гародняй стаяла вялізнае, мігатлівае зарыва. Тадэй займаўся тым, што надрэзваў на сабе нажом адзенні.
— Ты… гэна… чаго?
Фокуснік устаў, пакруціўся перад Піліпам, як перад краўцом.
|< Пред. 502 503 504 505 506 След. >|