Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 506 из 594

Бурсацкая світка біла яго па пятах, асавелыя вочкі глядзелі ў чырвонае, дрыготкае неба.

— М-ма, м-ма-ма, м-мма-ма… кх… кх… Тфу… Горра… Го-о-ра… Гора табе, Серазін… Го-ра… Гора табе, Віфсаіда.

І так яны зніклі за ўзгоркам. Некаторы час яшчэ даносіўся мядзведжы, яловы голас. Пасля засталіся толькі цішыня і зарыва.



РАЗДЗЕЛ ХLVІІІ СІВАВУСЫ

Каля мяне кулі, як пчолкі, гулі,

Ля мяне дружочкі, як мост, ляжалі.

Беларуская песня

…схапіў святое распяцце і так стукнуў ім па чэрапе святога айца, што той адразу адправіўся ў пекла.

Сярэдневяковая навела

Серазіну і Віфсаідзе, гэта значыць Гародні, сапраўды было гора. Забойства і сеча не спыняліся, а, наадварот, нібыта набіраліся сілы і злосці. Забівалі ўсіх, ледзь не да колавай загваздкі. І калі значная частка жанок і дзяцей уратавалася з дамоў, адзначаных крыжамі, у гэтым была вялікая заслуга сівавусага.

Гародзенцы ведалі, куды, у выпадку чаго, уцякаць тым, хто не можа трымаць у руках зброі. Пад горадам лабірынтам цягнуліся старыя, даўно спустошаныя і закінутыя каменяломні. Самы блізкі ўваход у іх быў з вуліцы Стрыхалёў, і менавіта туды кінуўся напаўапрануты, спалоханы натоўп жанчын, старых і дзяцей. Толькі б спусціцца пад зямлю, а там — лаві за хвост вецер, за месяц не знойдзеш.

Лотр, аднак, таксама памятаў аб вуліцы Стрыхалёў і даслаў туды чалавек сорак прыспешнікаў. Безабаронны натоўп сустрэлі мячамі. І, пэўна, бойня не мінула б і слабых, каб не нарваўся выпадкова на брыдоту сівавусы з невялічкім атрадам мяшчан.

|< Пред. 504 505 506 507 508 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]