Страница:
507 из 594
Яны змялі мечаных, выкінулі іх з вуліцы і сталі заслонам па абодва яе канцы, прапускаючы толькі ўцекачоў. На ўсю даўжыню вуліцы варушыўся, крычаў, плакаў натоўп. Вялікіх сіл каштавала не дапусціць цісканіны: драўляныя дзверы ў каменяломні вялі не з вуліцы, яны былі ў канцы вузкага — рукі расстаў і загародзіш — і доўгага, сажняў на дваццаць, апендыкса, сціснутага між глухіх муроў. Вельмі павольна ўцягваўся натоўп з вуліцы ў гэты апендыкс. А тыя, каго яны прагналі, прывялі між тым дапамогу, процьму людзей з белымі крыжамі на рукавах. Добра, што вуліца Стрыхалёў была вузкая і «крыжы» не маглі скарыстацца са сваёй перавагі.
На абодвух канцах вуліцы Стрыхалёў віравала сеча. Людзі спінамі прыкрывалі ўцекачоў і павольна, па меры таго як натоўп уцягваўся ў тупік, адступалі. Адступалі і падалі. З таго канца, дзе біўся сівавусы, кіраваў «крыжамі» і сам секся ў першых радах закуты ў сталь Рыгор Гародзенскі, а ў міру Гіляр Балвановіч. Куды падзелася ягоная друзласць. Нездарма яго параўноўвалі з нападаючым кракадзілам: толькі што было бервяно, і вось — страла. Ён арудаваў мячом са спрытам і ўмельствам.
Сівавусы думаў, што ўсе ўжо забітыя, што яны засталіся адны. Ён не схільны быў дарэмна геройстваваць і вырашыў, што і яны адступяць у катакомбы следам за жанчынамі.
І якраз у гэты момант зараўла дуда. Раўла няспынна, трывожна, грозна. Значыцца, людзі былі жывыя.
— Бач, — здзекаваўся Грынь. — У слове ісціны… Са зброяй праўды ў правай і левай руцэ… Карынфянін.
|< Пред. 505 506 507 508 509 След. >|