Страница:
520 из 594
— Я даю слова,— і ён мармытнуў: — juzo*.
* Клянуся.
— Слова.
Анея крычала і вырывалася ўвесь час, пакуль яе неслі ў човен. Давялося скруціць ёй рукі і ногі.
— Беражы сябе! — крычаў з урвішча Юрась. — Беражы! Можа, дзіця будзе.
— Не! Не! Не-е-е!
Іуда ішоў за ёю, як забіты. Сеў у човен, бяссіла апусціўшы рукі.
— Раввуні! Раввуні! Калі дасі ёй выскачыць — прадасі мяне! Прадасі!
— Добра! Добра! — душачыся рыданнямі, казаў Раввуні.
Човен адштурхнулі. Шалёная плынь закруціла, панесла яго на сярэдзіну. Юрась бачыў, як адбіваюцца ў Нёмане берагі, і сляпуча белыя аблокі, і шапкі дрэў, шызыя лясы на даляглядзе — уся гэтая зямля, па якой столькі хадзілі ягоныя ногі і па якой ім болей не хадзіць.
І тады, каб ужо не шкадаваць болей, ён кінуў меч:
— Ваш час і ўлада цемры.
Яго схапілі.
РАЗДЗЕЛ LІІ РАВВУНІ
І паразіў Філісцімляніна ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны.
Першая кніга Царстваў, гл. 17, ст. 49
Усё яшчэ раўла і раўла над горадам дуда. Над параненымі, над трупамі, над мортусамі, над марадзёрамі, над усім гэтым крывавым, гнойным сметнікам, у які імем Бога ператварылі вялікі і прыгожы беларускі горад, дыямент Нёмана, Гародню.
Гэты гук трывожыў, нагадваў, пагражаў. І тады на вострыя дахі бліжніх дамоў даслалі лучнікаў.
Дудар трубіў, яму больш нічога не заставалася. Трохі нават саладжавы твар «братачкі» цяпер быў нібы з каменя. Крочце, тапчыце зямлю, мёртвыя Божыя легіёны.
|< Пред. 518 519 520 521 522 След. >|