Страница:
550 из 594
— Яшчэ перад судомгэтая… Магдаліна… угаворвала мяне, каб я… Я вагаўся. Што змянілася б ва ўсім гэтым свінстве? Але цяпер бачу: з самага пачатку не рабілі ў Гародні больш чорнай справы. — Ён заглядаў Юрасю ў вочы амаль умольна. — Слухай, уцякай. Слухай, я падрыхтую вазок. Выпушчу цябе. Скажу — узнёсся. Няхай чысты будзе канец маіх дзён.
Хрыстос жартам барнуў яго галавою:
— Гэх, Юсціне. І так ён у цябе будзе спакойны і чысты. Прапанаваў такое — лічы, што зрабіў. Толькі… не пайду я, не трэба мяне ратаваць. Дзякуй, Юстын.
— Але чаму, чаму?
— А таму, — пасур'ёзнеў вязень. — Часам мне здаецца — сатана не з неба зваліўся. Ён з зямлі прыйшоў. Яго цэрквы спарадзілі. Яго цары спарадзілі. Ваяводы. Тысячаначальнікі. Нельга, каб сярод людзей жылі, чынілі сваю волю такія. Чым хутчэй яны знікнуць — тым лепей. Можа, мая смерць хаця на таўшчыню воласа наблізіць гэта.
Паклаў руку Юстыну на плячо:
— Ты не думай, я хораша памру. Кажуць, у такіх выпадках падыходзяць у шкарпэтках, адчыняюць нечакана дзверы і хапаюць у сне, каб не роў, не адбіваўся?
— Быв-ваюць і такія… Заг-гад.
— Загад для большага прыніжэння. Адзінае маё жаданне: гэтага не трэба. Ува ўсёй гэтай навалачы ногі будуць калаціцца больш, чым у мяне… Вось і ўсё… А заўтра ўсе яны запаляць мой агонь, якога ім не згасіць.
Ён убачыў, што ў Юстына між пальцаў рук, прыціснутых да аблічча, сплываюць, точацца слёзы.
— Кінь. Ты хацеў і мог памагчы. Ты не вінен ні ў чым. Ты не вінаваты, што я адмовіўся.
|< Пред. 548 549 550 551 552 След. >|