Страница:
551 из 594
Юстын устаў. Занадта паспешліва. Пакрочыў да дзвярэй.
— Бывай, — ён кінуў гэта, нібы выплюнуў. — Прабач.
— Няма за што. Бывай. Дзякуй, Юстын.
Дзверы грукнулі, нібы іх зачыніў глухі ад нараджэння. Рэха загудзела пад скляпеннем цэлі. Змоўкнула.
РАЗДЗЕЛ LVІ «ДА ЖЫВЁЛАЎ І ГАДАЎ…»
Не капай другому ямы — сам увалішся ў ню.
Скарына
Мы пацалуем папу ў зад, таму што зад у папы, вядома, ёсць. Пра гэта сказана ў нашых дэкрэталіях. Калі ж ёсць папа — значыцца, у яго ёсць і зад. Калі б у свеце перасталі існаваць зады, значыць, не стала б і папы.
Рабле
Ужо некалькі дзён хадзіў па вуліцах Гародні дзіўны чалавек. Галава і амаль усё аблічча абматаныя суровай палатнінай. З-пад яе выглядаюць вока і адзін вус, тупы і кароткі. На плечы накінуты цёмны, грубага сукна плашч. Прыпол плашча ззаду ўзняты, відавочна, канцом мяча, што вісіць пад гэтым плашчом пры боку. Суконны сіні кітлік цеснаваты, як толькі не лузне на грудзях і плячах. На рукаве кітліка нашыты белы крыж.
Людзі адхіналіся ад яго на вуліцах, адступалі ўбок. Пайшла пасля «ночы крыжоў» і трымалася яшчэ некаторы час гэткая паршывая мода: не адпорваць знака крыжа і не здымаць павязак, як быццам невядома якое геройства рэзаць сонных і сячыся з заспетымі неспадзеўкі. Усе гнілыя фацэты фарсілі так.
Вось і гэты — па ўсім відаць — хвалько і забіяка, адарвірог. Рукі ледзь ад крыві адмыў, а ўжо вокам свідруе. Вусы абцяў (падсмаленыя, відаць, былі), варушыць імі.
|< Пред. 549 550 551 552 553 След. >|