Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 548 из 594

Што ты з імі зробіш? Знішчыш хіба? І тое не дапаможа. Памяць… памяць аб іх куды дзенеш? Вось Іуда. Тумаш, Кляонік, сотні іншых… Дый ты робіш першы крок.

— Позна. Стары я. Віны зашмат на мне.

— Не ва ўсім вы вінаватыя. Іншага не бачылі. Часіны быдла. Саборы, як дыямент, халупы, як гной. Ды толькі ў гэтым гноі нараджаецца золата душ. А ў алмазных саборах — дзярмо. На тым стаім. Ды толькі ўбачаць людзі. Заззяе святло ісціны.

Бурмістр хрыпата, бязгучна засмяяўся. Падстрыжаны пад гаршчок цень калаціўся за ім. Ды толькі смех не быў падобны на смех:

— Гэх, браце, што ёсць ісціна? Бачыш, Пілата паўтараю. Толькі сучаснага Пілата, які памудрэў трохі. Няма такой ісціны, якой нельга не загадзіць, запаскудзіць. І яны загадзілі іх. Усе да адной.

— Хіба ісціна з гэтай прычыны перастала быць ісцінай?… Не забі.

— А калі за веру, за бацькаўшчыну, за ўладара?… А ноч «крыжоў»? А распяцці на лідскай дарозе? — Твар у бурмістра быў страшны.

— Не любадзейнічай.

— Эг-ге. Не паграшыш — не пакаешся… У ложкі іхнія зірні… Толькі кажуць аб чысціні нораваў, аб маралі, а… Тфу!… Ды яшчэ каб па згодзе — палова бяды. А то гвалтуюць, залежнасць скарыстоўваюць, грошы.

— Не ўкрадзі.

— А дзесяціна? А дань? А падаткі?

— Не сведчы лжыва. — Хрыстос гаварыў спакойна, нібы мацаючы душу субяседніка.

— А цябе як абвяшчалі?! А судзілі як?! А ўсе суды?!

— Любі бліжняга свайго, — сурова сказаў Юрась.

|< Пред. 546 547 548 549 550 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]