Страница:
567 из 594
Астатнія ўдзельнікі працэсіі павінны былі ісці сажнях у пяцідзесяці за імі, нібы даючы зразумець, што на больш блізкай адлегласці нават дыханне асуджанага можа апаганіць.
Першымі ў гэтай працэсіі ішлі дзеці нявіннага ўзросту, апранутыя анёламі; белыя, напаўпразрыстыя адзенні, наплоеныя валасы, крылы з вясёлкавай матэрыі і васковыя свечкі ў руках. За імі — пяцьдзесят дзяўчат з багатых сем'яў, таксама ў белым і таксама са свечкамі. Яны павінны былі ўсю дарогу спяваць адпраўныя малітвы. За дзяўчатамі ішлі манахі, апранутыя ў чорныя і белыя саваны з дзіркамі, прарэзанымі на месцы вачэй, а за імі крочылі латнікі.
Вышэйшае духавенства павінна было выйсці працэсіяй насустрач ужо каля самой Уздыхальні.
Крануліся з месца гадзін у дзевяць раніцы, але было ўжо нясцерпна горача. Увесь папярэдні дзень і ўсю ноч выспявала, відаць, ды так і не выспела навальніца. Пыл курэў пад нагамі, нябачныя былі ў святле сонца агеньчыкі над воскам свечак, блішчэла сталь і медзь, калыхаліся крыжы ў руках манахаў, анёльскімі галасамі спявалі адпраўныя малітвы цнатліўкі.
Прачыталі ад імя суда прысуд, у якім гаварылася пра здзек з царквы і замах рачонага Хрыста на сапраўдную веру, пра тое, што рачонага Хрыста магістрат, якому царква таго Хрыста аддала, прысудзіў (пры адным праціўніку, бурмістру Юстыну) пакараць, з хлуслівым сваім крыжам, літасціва і без праліцця крыві.
Латнік шліхтануў Юрася бізуном, каб лепей запомніў.
|< Пред. 565 566 567 568 569 След. >|