Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 569 из 594

Гэта і яшчэ тое, што добра арганізаваны «справядлівы гнеў народны» заглушыць любыя ягоныя словы, каб нават і ўздумаў кідаць іх людзям. Цяжка! Вялізны крыж гне амаль напалам. Вось і канец камедыі, на ўдзел у якой яго сілком штурхнулі некалькі месяцаў назад.

Якраз у гэты час да гульбішча падляцеў ганец, скочыў з каня, узбег па сходах, пачаў шаптаць нешта на вуха Лотру.

— Хто? — пабарвавеў той.

— Невядома. Раніцай толькі і знайшлі. Не любіў ён, калі яго ад таго занятку адрывалі. Кажуць, манах нейкі заходзіў.

Лотр і Басяцкі глядзелі на натоўп. Манахаў пад капюшонамі там было сапраўды безліч і страшэнная сіла.

— Мо агледзець усіх? — ціха спытаў дамініканец.

— Ад вас, казалі, манах, — яшчэ цішэй сказаў ганец.

Пёс Божы збялеў:

— Не-не… Не будзем… Гэтага яшчэ не хапала, каб думалі, што гэта я руку прыклаў. А мне нашто? Мне з ім зручна было. Болей ужо мы такога дурнога войта не знойдзем, не тым хай будзе памянуты нябожчык… Добра, ідзі.

Яны глядзелі б на натоўп яшчэ з большым страхам, каб ведалі, колькі сярод людзей у расах ілжэманахаў, якія не разумелі па-латыні і слова, ніколі не жылі ў келлях і не праходзілі пострыгу.

— Дык што ж, — сказаў Лотр. — Подпіс зменены не будзе. Вогнішча?

— Вогнішча нябожчык не ўхваліў. Шыбеніца.

Басяцкі ўсміхнуўся:

— Залёгка думаеце яго жыцця пазбавіць.

— Не ведаю іншых спосабаў, каб без праліцця крыві.

Мніх-каплан зашаптаў нешта яму на вуха. Лотр падціснуў вусны:

— Ці не будзе занадта падобна да таго? Небяспечнае падабенства.

|< Пред. 567 568 569 570 571 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]