Страница:
579 из 594
— Ён ударыў сябе кулаком па галаве. — Як жа мы прамінулі яго? Як не падышлі? А ён пытаў пра вялікага маэстра? Закаранелі ў сабе. Чалавека не ўбачылі. Здрадзілі… Рагочуць. Нашто ж Дантэ жыў, Бацічэлі, Катул?! Нашто, калі дарэмныя ўсе мукі?!. Вочы… Гэта ж усё адно як… усяго Ча-ла-века тысячы год распінаюць! Святасць ягоную!… А ён усю веліч і нізасць свету бачыць. А яго… Пане Божа, гэта ж багахульства!!!
РАЗДЗЕЛ LІХ ГАЛГОФА ЗАМКАВАЙ ГАРЫ
Ой, за ярам гара, за другім — гара,
А тая гара ды апошняя…
Каня вядуць. Конь спатыкаецца.
Маё сэрцайка ды разрываецца.
Песня
Братчыка падвялі да падножжа Ўздыхальні і знялі з яго крыж.
Падаўшыся наперад, чакалі людзі Вестуна. Суровыя былі іхнія твары, змрочныя і рашучыя — іхнія вочы, але ніхто не бачыў гэтага за капюшонамі.
Крыж пацягнулі на вяршыню ўзгорка, дзе падручныя ката ўжо капалі яму. Ляцела адтуль і рассыпалася па схілах жоўтая зямля. Хрыстос стаяў і цяжка дыхаў. Вочы былі заплюшчаныя. Натоўп маўчаў. Калі смерць зусім блізка — нават у ворагаў з'яўляецца нейкае падабенства павагі.
Людзі стаялі так цесна, што каб нехта самлеў — ён так бы і астаўся стаяць на нагах. Суседзі не далі б упасці.
Рыбнік стаяў у гэтым натоўпе і рабіў дзіўную справу: трымаў у роце вялізнага вэнджанага ляшча. Вырачаныя вочы безуважна глядзелі некуды. Свідравалі натоўп, аддаляючыся ад гэтага месца, Ціхон Вус і Фама. Ухмыляліся злосна.
— Ты вось што… — сказаў Тумаш.
|< Пред. 577 578 579 580 581 След. >|