Страница:
577 из 594
«Пад лапатку. Дзіваў не бывае. Бачыш, чалавек з крыжам, я не развучыўся. І цяпер лепей за ўсіх валодаю нажом. Як жа гэта я так схібіў з табою? Добра, што я схібіў з табою. Ледзь не забіў добрага чалавека. Вось бачыш, я трохі аддзячыў табе, добры чалавек».
Прыблізна той самай справай, што і шэры, займаліся Фама і Вус. Шукалі рыбніка. Таксама сведчыў на судзе. Ужо калі аднаго забілі, то і за другога той самы адказ. Урэшце Вус заўважыў яго наводдаль ад Уздыхальні, бліжэй да калідора, якім вялі Хрыста.
— Распні! Распні!…
Сябры пачалі ціснуцца да яго.
…Ад гульбішча плыло да Зітхальнага гарба шэсце. Вышняе духавенства. Раўлі глоткі, шыза плыў у сонечным святле дымок ладану, зіхацела парча. І над усім гэтым, вышэй за ўсё, плыла платформа з васковым, разубраным у золата Хрыстом.
Жывы ўзняў галаву:
— Гэй, братка! Гэй, васковы! Закінь там за жывога слоўца на басяцкім небе!
Крык быў страшны. У цішыні, што ўпала за ім, загагатаў нейкі багата апрануты юнак. Сівы сусед павучальна сказаў яму:
— Пачуўшы жарт — ніколі не рагачы першы. Невядома яшчэ, што за той жарт будзе.
Але рагаталі ўжо ўсе. Чырванелі твары, слёзы пырскалі з вачэй, успухалі жылы на лбах.
— Го-го-го, га-га-га, гы-гык!
— Інры, га! Вось дык інры!
— Забаўнік, га!
Хрыстос у гэты момант набліжаўся да Бекеша. Той трохі грэбліва, але памяркоўна глядзеў на абадранага, закіданага гразёй чалавека, які цягнуў крыж.
|< Пред. 575 576 577 578 579 След. >|