Страница:
582 из 594
— Басяцкі! Лотр! Камар! — Голас гучаў хрыпата і шорхла і раптам нібы прарэзаўся, затрубіў, загрымеў: — Вы — антыхрысты! Вы — гніль! Я памру! Я выклікаю вас на суд Божы. Месяца не пройдзе, як мы сустрэнемся. Месяца! Месяца! І тады будзеце піць сваю чашу вы!
Пагроза была жахлівая. Рогат нібы адсекла. І ў цішыні, што ўпала раптам, пачуўся меладычны кароткі гук, нібы нехта крануў струну.
— Пі, — шапнуў Фама. — Пі першы. Да гэтага жарту я хацеў — не цябе…
Гульбішча было зроблена па тым жа прынцыпе, што і канстанцінопальская кафізма; падлога ад глухой балюстрады паніжалася: адступіш крок і знік. І таму ніхто не заўважыў, як і калі знік, як адступіў, як упаў на спіну мніх — каплан касцёла Дамініканаў, сябра Лайёлы і яго аднадумец Фларыян Басяцкі.
Езуіт па сутнасці і думках, ён так і не дажыў да таго дня, калі папа прызнае пачварнае старэнне яго сябры, не стаў членам о р д э н а, не ўбачыў яго магутнасці.
Страла тырчала ў яго ў горле.
І ён ляжаў і паводзіў нагамі і ўсё глытаў, і глытаў, і глытаў нешта. Піў. Потым шэрыя, плоскія, трохі ў зелень, вочы ягоныя спыніліся на нечым адным. На чым — не ведаў ніхто.
І ніхто не кінуўся яму на дапамогу. Лотр і Камар толькі спехам нацягнулі з-пад мантый на шыю каўняры кальчуг, далі знак несці забітага.
— Канчайце, — хрыпата сказаў Лотр. — Хутчэй.
Хрыста павялі на вяршыню Ўздыхальні, дзе пад натужлівыя крыкі ўжо ўздымаўся — яго штурхалі латамі, — рос у небе вялізны сасновы крыж. Пахістаўся і стаў. Ліхаманкава замільгалі рыдлёўкі.
|< Пред. 580 581 582 583 584 След. >|