Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 68 из 594



Ён адставаў і адставаў, і разам з ім адставаў канвой — два эфіопы. За імі ўваўсю беглі астатнія ліцадзеі ў разнастайных вопратках. І ўрэшце, наступаючы ім на пяткі, рука да рукі, чыкільгалі два салдаты, магутны ў чэраве Пілат і Акіла-Хрыстос. Хрыстос быў голы, таму што адзенне ягонае неслі салдаты.

— Наддай! — шалёным голасам крычаў той чалавек, якога анёл зваў Іосіем.

Яны беглі, а за імі з галёканнем і свістам валіў натоўп раз'ятраных праследавацеляў.

…Хто хоча ўцячы — уцячэ. Гэтыя ўцякалі і ўцяклі. Усяго цераз якую гадзіну яны перасталі чуць галасы за спіною, а яшчэ хвілін праз трыццаць прыходзілі да прытомнасці на невялічкай палянцы.

Цурчаў пад нагамі ручай, нібы гаварыў аб марнасці чалавечых намаганняў. Сядала за вязамі вялізнае чырвонае сонца. Жарнакрут гаротна войкаў у фургоне: спрабаваў скласці паламаныя дзіды.

Пілат адсопваўся, надзімаў тоўстыя шчокі:

— Абтрасём прах гэтага горада… вух-х… ад ног нашых… Хамы… Гэта яны так… беларускага двараніна… Хай я не буду Багдан Роскаш… хай я… не ад Усяслава паходжу, а ад свінні, ад гіены, ад малпы… калі я ім гэтага не папомню.

Акіла-Хрыстос сядзеў над ручаінай, мацаў сіняк пад вокам, паліваў яго вадою:

— Гэна… Б'юцца як… Хай яно…

І яму тураваў, таксама мацаючы сінякі, Жарнакрут:

— Сцеражыцеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас у судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.

Адчэпленыя крылы адпачывалі побач з Братчыкам.

|< Пред. 66 67 68 69 70 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]