Страница:
82 из 594
Гэй, дзядзька, лоб паколеш!
Рогат неўзабаве заразіў і бедных мяшчан.
— Морды ў іх штосьці мятыя, — скаліў зубы Зянон.
Кляонік трымаўся за жывот:
— Не, вы глядзіце, якая ў яго морда круцельская. Святы ваўкарэз.
Не рагатаў адзін Лотр. На вуснах ягоных была грэблівасць. Нават ён не зразумеў, што гэта містэрыяне.
— Гэтага яшчэ не хапала. Самазванцы.
— Сказана бо, з'явяцца лжэпрарокі, — прабасіў Камар.
Усё бліжэй падыходзілі да маўклівай гурмы тыя трынаццаць.
— Сотнік, вазьмі іх, — сказаў Лотр.
Карніла падаў знак варце і павольна рушыў насустрач ліцадзеям. Зачапіць чалавека з крыжам усё ж не пасмеў. Працягнуў руку да грузлага Багдана Роскаша.
— Не руш мяне, — наліўся крывёю Багдан. — Я беларускі шляхціц!
Але варта ўжо кінулася. На вачах у бяздзейнага натоўпу закіпела ярасная, кароткая сутычка.
— Мы ліцадзеі! — крычаў Братчык, але ніхто не чуў яго ў агульным шуме.
Апосталы супраціўляліся адчайдушна. Асабліва адзін, чорны, як цыган, з чорнымі, бліскучымі вачыма. Ставіў падножкі, штурхаў — з грукатам валіліся вакол яго людзі ў кальчугах. Урэшце на яго населі пяцёх, прыціснулі да зямлі. Ён звіваўся ў пыле, як вугор, і кусаў ворагаў за лыткі.
— Вяжы самазванцаў! — крыкнуў Пархвер.
Толькі тут Братчык зразумеў, чым пахне палон, і пачаў дзейнічаць крыжам. Біўся ён з дзівосным спрытам: можна было глядзець і глядзець. Ніводная з гродзенскіх мечных ці сякерных школаў не вучыла вучняў чамусьці падобнаму.
|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|