Хрыстос прызямлиыся ы Гародни   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 83 из 594



Круціў крыж, біў ім з замаху і ўколам, падстаўляў яго акурат пад занесенае для ўдару дрэўца гізаўры*, і дрэўца ламалася, як саломінка. Побач з ім дзейнічалі і астатнія, — Акіла з разваротам кідаў воінаў ад сябе, — але ўсе глядзелі толькі на чалавека з крыжам.

* Гізаўра — нешта накшталт бердыша.

Ужо скруцілі ўсіх астатніх, ужо звалілі нават Багдана, які дзерся да фургона за шабляй, а Братчык усё яшчэ круціўся між тых, што нападалі, рыкаў, рабіў падманныя выпады, біў крыжам, нагамі, галавой. Урэшце, нехта кінуў яму пад ногі пятлю, і ён, не заўважыўшы, адступіў і стаў адной нагою ў яе. Вяроўку тарганулі, яна свіснула, і чалавек цяжка бразнуўся ўсім целам на крыж.

Некалькі хвілін над ім яшчэ варушылася чалавечая куча. Потым усё сціхла.

Схопленых пацягнулі рынкам да замкавага моста.

Як пярун грымнуў, упалі за імі брамныя краты.

…Натоўп маўчаў. На плошчы ўсё яшчэ панавала непаразуменне. Карыстаючыся ім, хрэснаму ходу ўдалося ўшчаміцца між праціўнікамі і паступова пачаць ціснуць на іх, разводзячы гурмы ўсё далей і далей адна ад адной. Толькі што здарылася такое дзіўнае, што біцца ўжо не хацелася, а хацелася абмяркоўваць. Дый рэдка хто наважыўся б лезці на ворага цераз крыжы, пратэсы і памосты са статуямі. Ненарокам яшчэ святых абразіш.

Народ паступова пачаў разыходзіцца. Радзелі і расплываліся натоўпы. Толькі што гэта былі два кулакі. Цяпер — дзве рукі з расціснутымі пальцамі.

— Гэта што ж было? — у непаразуменні спытаў Зянон.

|< Пред. 81 82 83 84 85 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]