Страница:
88 из 594
На іх сядзелі за сталамі людзі ў багатых вопратках, чокаліся вялізнымі кубкамі і куфлямі, угрызаліся ў шынкі і аленевы сёдлы.
— Багата жаруць, — праглынуўшы сліну, шапянуў ён.
— Змоўч! — гыркнуў Пархвер.
Маленькія, страшна маленькія, яны ішлі залай. Скляпенні былі недзе нязмерна высока, куды вышэй нават за недасяжнае дзённае святло з акон. Настолькі вышэй нават за яго, што безнадзейна губляліся ў цемры. Круцілася галава, калі выпадкова глянеш угору.
Цьмяна зіхацеў над тронам срэбны авал з упісаным у яго прамым шасціканечным крыжам — старой, яшчэ да часоў Воўчага Хваста*, эмблемай гэтых земляў. Паганскай яшчэ эмблемай, якую пакінулі за схожасць са знакам Крыжа.
* Воўчы Хвост — ваявода, які прыводзіў да хрысціянства радзімічаў і крывічоў. У пагоні за гэтай добрай мэтай амаль цалкам выразаў Мсціслаў, жыхары якога з таго часу — «недасекі».
— Гэна… зірні, — сказаў Акіла Кіёвы, — гэна… Юры святы.
Яшчэ вышэй за крыж, ужо амаль у поўнай цемры, узносіўся над усім, пагражаў мячом і прымацаванай да страменнай пятлі дзідай жалезны, крыты пацьмянелым срэбрам конны волат, агульны Патрон.
— Н-ну, крумкачова мяса, — сказаў са смехам Пархвер. — Хутчэй, халеры. Вам і Юры не паможа… Магу вось вам пад канец дзіва паказаць. Ану ты, лысы, задніца святога Пятра, ідзі да княжага месца.
Жарнакрут вагаўся.
— Ідзі-ідзі. Забіваць не буду.
Мірон павольна пайшоў. Перад княжым месцам падлога залы трохі, на тры-чатыры вузкія прыступкі, падымалася.
|< Пред. 86 87 88 89 90 След. >|