Страница:
86 из 594
— Дарма з палатніны смяяліся, — сказаў ён. — Апосталы, халера на іх, так і хадзілі.
— І сапраўды, радно, — уздыхнула нейкая бабуля. — Грубае. Я ўжо ведаю. Колькі той палатніны рукі мае ўткалі. Грубая. Апостальская.
Кляонік і Марка іранічна глядзелі на ўвесь гэты роздум.
— Гэта значыць, і мы такія самыя апосталы, — сказаў Марка.
— Не вярзі, — абарваў яго стары Турай.
Людзі думалі. Людзі марудзілі разыходзіцца, хаця заставалася іх на плошчы Ростань зусім мала.
Маўчалі.
РАЗДЗЕЛ VІІ КЛЮЧЫ ПЕКЛА І СМЕРЦІ
І жывы, і быў мёртвы, і се, жывы ўва векі вякоў, аман; і маю ключы пекла і смерці.
Апакаліпсіс, гл.1, ст.18
Lasciate ogni speranza*.
* Вы, што ўвайшлі, пакінце спадзяванні.
Дантэ
Праз гадзіну пасля таго, як ганец паскакаў па ката, ліцадзеяў вывелі з часовай маленькай цэлі ў ніжнім паверсе заходняга нефа і павялі вузкім, як падземны ход, калідорам. Дзікія сцены і нізкае, рукой дастаць, скляпенне ціснулі на душу. Па баках трапляліся каморы ваякаў. У іх блішчалі на сценках шчыты і мячы. У гарачым вільготным паветры ледзь трапяталі языкі свечак, пахла потам, скуранымі рамянямі, іржою, алеем для зброі. Варта моўчкі ішла вакол, а наперадзе, з паходняй, ішоў Пархвер, згінаючы галаву. Толькі тут можна было зразумець, адкуль такія пісягі куродыму на скляпеннях.
У другім нефе каморы трапляліся радзей: відаць, кожныя дзверы вялі ў некалькі пакояў.
|< Пред. 84 85 86 87 88 След. >|