Страница:
87 из 594
Там, дзе гэтыя дзверы былі адчынены, можна было ўбачыць, што жытлатут багацейшыя: віселі на мурах кілімы, срэбныя люстэркі, на маленькім наборным століку за аднымі дзвярыма Юрась заўважыў вялікія, вельмі багатыя шахматы.
Увайшлі і ў тронную залу, скупа асветленую двума камінамі, дзесяткам смаласкопаў і верхнім святлом праз вузкія вокны. Сцены тут былі беленыя, разарваныя сямтам гранітнымі неатынкаванымі зверху брыламі. Зроблена гэта было для прыгажосці: роўная белая паверхня, а на ёй, плямамі няроўнай формы, шэрыя, крывавыя, зеленаватыя бакі камяніскаў. Тут і там гэтая прыгажосць была завешана старымі кілімамі і нетутэйшымі габеленамі. На іх вісела зброя.
— Схапіць бы, — шапянуў Роскаш.
— Ну і дурыла, — прашалахцеў цыганаваты. — Усім вядома: клінкі тут прымацаваныя да піхваў. Каб не хапалі зброю пры асобе караля, калі сварыцца пачнуць.
Трон белай косці, пакарбаваны золатам, стаяў у другім канцы. Дзве жалезныя жывёлы нібы вартавалі яго з двух бакоў: воўк і арол.
Ля сцен стаялі лавы, укрытыя налаўнікамі з сукна і футраў, і лавы-скрыні са спінкамі. З адной такой лавы служка, адкінуўшы сядзенне, даставаў зараз срэбныя і залатыя кубкі, доўгія сталовыя нажы — у кожным дзюймаў пятнаццаць, — лыжкі і іншае. Клаў іх на рассцелены абрус. Падчас вялікіх прыёмаў да гэтых лаў прыносілі і ставілі літарай «П» сталы.
У цыганаватага, калі ўбачыў такое багацце, аж заблішчэлі вочы. А Багдан і ўвагі не звярнуў. Глядзеў на разьблёныя спінкі лаваў.
|< Пред. 85 86 87 88 89 След. >|