Залаты прамень (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 3 из 7

Дык буду казаць далей.

Прыгоства чараў, павабнасць таемнасцi, страх цемры, велiзарнасць нябесных прастораў i жах перад бясконцасцю i бязмежнасцю сусвету паказвалi тут цёмныя маўклiвыя ночы. I асаблiва павабна было тут тады, калi вандроўнiцы-хмаркi пасплываюць з неба, а само яно расквецiцца незлiчонымi агеньчыкамi-зорачкамi i вышле ў дарогу блiскучы кружок месячыка. I вельмi прыгожыя былi гэтыя зоркi. Iх было так многа i так яны часамi размяркоўвалiся ў бяздонных глыбiнях неба, што ўяўлялi сабою самыя вычварныя постацi i фiгуры, вабячы хараством i недасяжнасцю. Далеч утварала гэтыя прыгожыя злучэннi зорак: такая ўжо ўласцiвасць яе, бо далеч, як нiякi ў свеце мастак, умее паказаць рэчы ў найпрыгажэйшым выглядзе. Ад рухлiвых пералiваў бляску зорных агнёў разлiвалася ва ўсе канцы свету нейкая таемная сiла i так цi iнакш кратала ўсе iстоты i змушала iх тым цi iншым спосабам адгукацца ёй.

I тады ў лесе пачыналася нешта надзвычайна цiкавае. З лясных гушчароў выходзiў лясун i пляскаў у далонi. Гэта ён падаваў знак, што пачынаецца ноч. Мяккае плясканне калматых рук падхоплiвалi блiжэйшыя дрэвы i разносiлi па ўсiм лесе. З дуплястых асiн выляталi совы, вiтаючы лесуна крыкамi "кiвi! кiвi!". На iх мове гэта значыла "жывi! жывi!". З нетраў выпаўзалi павукi, бязгучна, як ценi, з-пад кары вылазiлi светлякi i запальвалi свае зялёныя лiхтарыкi, каб пасвяцiць павукам, бо павукi павiнны былi развешваць на дрэвах танкаструнныя арфы.

|< Пред. 1 2 3 4 5 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]