Залаты прамень (на белорусском языке)   ::   Колас Якуб

Страница: 4 из 7

А прызначэнне iх было дваякае: як струмент для музыкi i як спосаб да жыцця самiх музыкантаў. Тонкiя зялёныя iголачкi на хвоях i лiсце на iншых дрэвах пачыналi свяцiцца такiм жудасным i маркотным бляскам, што ў лесе рабiлася страшна. А туман, уздымаючыся з нiзiн i з-пад гнiлых пнёў, дурманiў лес i дадаваў нiзiнам i iх насельнiцтву яшчэ болей цемры i таемнасцi.

Калi такiм парадкам усё было падрыхтавана, лясун надзяваў на сябе адзежу, сатканую з лiсця i з танюсенькiх нiтак, што пралi русалкi з кудзелi-моху, а на галаву ўскладаў карону, перавiтую гiрляндамi дзеразы з блуклiвымi агеньчыкамi, i выходзiў на горку. У руках яго была блiскучая палка, зробленая невядомымi майстрамi з гнiлушак, i гэтаю палкаю ён праводзiў па струнах арфаў, што развешвалi павукi ад дрэва да дрэва. Струны дрыгацелi i поўнiлi ўвесь лес акордамi музыкi, нячутнай для чалавечага вуха. Музыка гучэла доўга, аж покi месяц не зрушваў з сярэдзiны неба. Гэтая музыка чаравала лес i ўсе iстоты. Пакорна i нерухлiва стаяў лес i ўсё, што было ў лесе. Тады лясун выступаў з прамоваю. I звiнелi, як звон, яго словы па лесе:

"Слухайце, слухайце, высокiя дрэвы, нiзкарослыя кусты, пахучыя краскi i дробная трава! Слухайце i вы, пташкi, жукi, мушкi, i ўсе слухайце голас надзорных глыбiнь! Я выклiкаў вас да жыцця i даў вам сiлу i рукi i ўсялякiя здольнасцi, каб чэрпаць асалоду. Я палажыў карункi на вашы голавы, умыў iх буйнымi росамi, убраў брыльянтамi i запалiў дыяменты, сабраныя з зорак, з месяца i з блiскучых знiчак, каб ведалi вы моц i вялiкасць таго, хто шчодра асыпаў вас дарамi i вызначыў вам лёсы.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]