Залаты прамень (на белорусском языке) :: Колас Якуб
Страница:
6 из 7
Даўгiя вякi блукаў ён у мiжпланетных прасторах сярод халодных пустэляў, шукаючы зямлi, i не знаходзiў яе. Схадзiў ён з канца ў канец увесь Млечны Шлях, агледзеў усе плямы туманнасцей, заходзiў на ўсе вядомыя i не вядомыя людзям планеты, насiўся па-над зорнымi краямi, зазiраў i ў iншыя краiны гэтага, страшнага ў сваёй бязмежнасцi, сусвету, а дарогi на зямлю не знаходзiў. I толькi часамi свяцiўся ён ружовым ззяннем у бяздоннях неба, i такою лагоднаю ўсмешкаю калыхаўся яго бляск вечарамi ў пустых багнах неба. I тады весялей рабiлася на зямлi. Снегавыя вяршынi гор адбiвалi гэтае ззянне i самi запальвалiся ружовым або залатым бляскам. I тады шырэй рассоўвалi свае гранiцы прасторы зямлi, лагадней пазiрала поле, а вада ў рэчках, азёрах i ў марах калыхалася ружовымi хвалямi, як распушчанае ў агнi золата. Гэтая радасць снавалася i ў танкарунных хмарках, бо адно толькi адбiццё залатога праменя ператварала iх валокны ў ружовыя шаўкi. Весялела паветра, станавiлася лёгкiм i празрыстым, спавiваючы зямлю цеплынёю i радаснымi летуценнямi аб чымся бясконца светлым i добрым. I гэтае няяснае прадчуванне новага жыцця калыхалася тады ўсюды. А сам залаты прамень нi на момант не спыняўся ў сваiх шуканнях дарогi на зямлю i нiколi не трацiў надзеi знайсцi яе, каб выпаўнiць сваё прызначэнне, хоць i многа было яму перашкод у гэтым блуканнi. Яму засланялi дарогу праменнi iншых планет. Варожа сустракалi яго маўклiвыя пустэлi. Змрокам, туманам i хмарамi закрывалася зямля.
Ноч, цёмная ноч ляжала над лесам.
|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|