Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
9 из 41
"Што, што ён вам сказаў?" - пыталiся ўсе чырвонаармейца Сiвалапа, якому пашчасьцiла пiхаць "эмку", i Сiвалап, вытрымаўшы паўзу, прамаўляў:
- Спасiба, хлопцы.
"Спасiба, хлопцы", - бязгучна паўтараў Яўхiм, i прытоена-шчасьлiвая ўсьмешка кранала ягоныя вусны. Ён паўтарыў гэтыя два словы шматкроць: калi здымаў брудныя споднiкi, калi, па загаду нейкага акулярыстага здыхлi, змазваў лiпучым квачом пэўныя мясьцiны на сваiм целе, i потым, калi вадзiў пляскатым змылкам па ўпалай грудзiне. Змылак той, спавiты валасьнёй, дрэнна мылiўся, але ён не заўважаў гэтага, i з твару ягонага не зьнiкала анёльская ўсьмешка.
"Гэта ж трэба - самога Цiмашэнку пабачыў", - думаў Яўхiм, i сьвет брынiў уваччу й зыкi, што даляталi з парыльнi: ляскат венiкаў, сыканьне распаленых камянёў, лямант чырвонаармейца Сiвалапа, якi расьцiраўся прынесеным знадворку сьнегам, - паволi аддалялiся, ператваралiся ў няўцямны гул, i сэрца ягонае таяла, не раўнуючы, як сьнежны камяк на сiвалапавым азадку ад невыказнай любовi да камандарма.
Ён i сам ня мог зразумець - чым так ачараваў яго камандарм, але пачуцьцё, якое нарадзiлася ў той мiг, не мiнала, набываючы рысы цiхага шаленства. Праз паўгадзiны, iдучы бадзёрым крокам на станцыю, Яўхiм спрабаваў угледзець тое месца, дзе стаяў Цiмашэнка, але было ўжо прыцемна, ды i ўзбочыну тую замiлаваў ня толькi камандуючы. А яшчэ праз пару тыдняў, патрапiўшы ў шпiталь, ён кожнага дня прасiў медсястру прынесьцi яму "Красноармейскую правду" i ў змроку зiмовага дня мядзьведзявата гартаў забiнтаванымi рукамi газэцiну, шукаючы на старонках прозьвiшча камандарма.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|