Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
11 из 41
А гадоў дзесяць таму, убачыўшы ў "Известиях" маршальскi партрэт у жалобнай асадзе, Яўхiм абамлеў i, не апрануты, - а быў самы пачатак красавiка, - пабег у бычкоўскую краму. Гарэлкi ў продажы, вядома ж, не было, але магазыншчыца, пабачыўшы неапранутага наведнiка, выдала пляшку з уласнага запасу, а цёткi, што стаялi ля прылаўка, пры гэтым наструнена зашморгалi насамi.
Увесь той день ён адседзеў на кухнi, невiдушча глядзеў у вакно, за якiм мiльгалi жаночыя галовы й чулася адно i тое ж пытаньне: - Цi памёр хто? - i напаўголасу сьпяваў "Красноармейскую походную". Увечары, дапiўшы рэшту гарэлкi, Яўхiм выцяў з газэты маршальскi партрэт i з дапамогаю мыла прыляпiў над рукамыйнiкам.
- Зусiм зьдзiцянеў... Чорта лысага лепiць... - прамовiла той хвiляй Агата й ён так зыркнуў на жонку, што старая выпусьцiла з рук абярэмак дроў i сьпехам выкулiлася з хаты.
I цяпер кожнага ранку, падстаўляючы прыгаршчы пад носiк рукамыйнiка, Яўхiм касiў вока на пажоўклы здымак i толькi пасьля гэтага плюхаў на твар халоднай вады.
На вайсковую службу Яўхiма павiнны былi ўзяць увосень 1934 года, але ня ўзялi па здароўi. Тры гады хаваўся недалуга Яўхiм ад грэблiвых дзявочых позiркаў, а ў трыццаць сёмым убiўся на працу ў эмтээсаўскую сталоўку - мыў там талеркi, калоў дровы ды насiў ваду з калодзежа, - ад'еўся на дармавых харчах i неўзабаве быў узяты ў войска. Служыць давялося ў артылерыйскiм палку, якi стаяў у мястэчку Iдрыца. Да гаўбiц яго, аднак, не падпускалi - тры гады завiхаўся ля коней на палкавой стайнi.
|< Пред. 9 10 11 12 13 След. >|