Зимовыя сны (на белорусском языке) :: Мудров Винцесь
Страница:
10 из 41
Ну аў траўнi таго ж саракавога году, вяртаючыся пасьля шпiталя дахаты, Яўхiм пачуў па радыё паведамленьне аб прызначэньнi Цiмашэнкi Сямёна Канстантынавiча наркамам абароны й цёплая хваля пачуцьця iзноў падкацiлася да сэрца. Было гэта на станцыi Дно.
Яўхiм сядзеў на мулкай энкапээсаўскай лаве, глядзеў на чорны квадрат рэпрадуктара й з сардэчным клёкатам у горле казаў бязногаму кавалерысту, што сядзеў на другiм канцы лавы:
- Бачыў яго як цябе зараз.
I кавалерыст, якi таксама вяртаўся з фiнскай кампанii, ледзь чутна мацюкнуўся ў адказ.
Потым была яшчэ адна вайна, на якую яго не ўзялi па прычыне адсутнасьцi трох пальцаў, потым iзноў прыйшлi Саветы i была страшэнная галадуха i акурат у той час, як у Бычках скончылася апошняя бульба, Яўхiм надумаў напiсаць Сямёну Канстантынавiчу лiста. Дзеля гэтай мэты сьцягнуў нават аркуш паперы ў сельсавеце. Але, сеўшы пры стале й тыцнуўшы ручкаю ў каламар, зразумеў: пiсаць, уласна кажучы, няма пра што.
У сорак дзевятым маршала Цiмашэнку перавялi з Паўднёвага Ўралу на Беларусь - камандаваць акругай. Пачуўшы пра гэта, Яўхiм iзноў сеў пiсаць лiста, а крыху пазьней стаў садзiць за стол i дачку Анюту. Пыхкаючы цыгаркаю, ён звычайна дыктаваў толькi адну фразу: - Здравствуйте Сямён Канстантинович, - потым змаўкаў, мружыўся на заседжаную мухамi лямпу i зрэшты рэшт асуджана махаў рукою.
|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|