Беларуския народныя казки (на белорусском языке)   ::   Автор неизвестен

Страница: 33 из 92



Дзiк пачуў гэта ды хутчэй умох па самыя вушы зашыўся. А воўк бачыць, што не пасьпее схавацца, - стаў на заднiя лапы i стаiць. "Хавайся за мяне, - кажа ён пералалоханаму зайцу. - Яны падумаюць, што я - пень, i абмiнуць нас".

Прыходзiць сабака iз сваiм войскам, бачыць - нiдзе нiкога няма.

Тут якраз барану рогi засьвярбелi. Глядзiць ён - побач нейкi пень стаiць. Разагнаўся баран ды - трах! - рагамi ў пень. У ваўка ад гэтага i галава раскалолася. Павалiўся ён дагары ды ногi выцягнуў. Заяц выскачыў з-пад ваўка, але сабака згледзеў яго i адразу злавiў.

Дзiку ў гэты час, як на бяду, села муха на вуха. Паварушыў ён вухам, каб сагнаць яе, а кот падумаў, што там мыш. Кiнуўся туды ды давай мох разграбаць. Так i дзярэ дзiка вострымi кiпцюрамi! Цярпеў, цярпеў, дзiк, а потым усхапiўся ды наўцёкi...

Певень напужаўся дзiка, залопаў крыльлямi, узьляцеў на елку i нарабiў крыку:

- Куды, куды?

Мядзьведзь падумаў, што гэты самы грозны ваяка да яго дабiраецца, i залез iз страху аж на верхнi сук. Сук ня вытрымаў, зламаўся, мядзьведзь грукнуўся вобземлю i забiўся.

З таго часу больш i не сябруюць сабака з ваўком.

КОТ МАКСIМ

Жылi дзед i баба. Мелi яны сына i ката. Сына звалi Марцiнам, а ката Максiмам.

Памерлi дзед i баба. Застаўся Марцiн з катом Максiмам.

Марцiн гультай быў вялiкi, усё на печы ляжаў, а кот яду яму насiў: то птушку дзе зловiць, то каўбасу цi сала ў суседзяў украдзе...

Вось так жылi яны, жылi - згарэла хата, адна глiняная печ засталася.

- Што рабiць будзем? - пытаецца кот у гаспадара.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]