Беларуския народныя казки (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
51 из 92
Ну, а пасьля ён табе скажа, каб ты пазнаў, каторая табе абед насiла, а нас ёсьць сем, то над маёй галавою будзе муха лятаць; а другi раз - ззаду будзе кветачка ў мяне, а трэйцi раз - будзе на пазурку зялёная нiтачка. - Сказаўшы гэта, пайшла да хаты.
Неўзабаве прыходзiць чараўнiк i пытае:
- А што, зрабiў?
- Зрабiў.
- Рыбу аблiчыў?
- Аблiчыў: большай трыста шэсьцьдзесят, а меншай не аблiчыў.
- О, мусiць, то мая дачка зрабiла, а ня ты? - А ён:
- Не, - кажа, - далi-Бог не: яна толькi прынесла есьцi i зараз-жа пайшла.
- Ну, iдзi дадому, калi ты пазнаеш, каторая прыносiла табе палудзень, то я цябе ажаню зь ёю, а калi не - то галаву адарву.
Пайшлi. Прыходзiць, аж ён паставiў сем паненак, як адна, нiякае адмены нiдзе няма.
- Ну, - кажа - выбiрай.
Прыгледзеўся ён над катораю муха лятала i кажа:
- Вось гэта.
- Ну, добра, iдзi спаць.
На другi дзень вывяў зноў сем, як адну, i кажа:
- Выбiрай цяпер.
Так абыйшоў ён кругом, угледзiў белую кветачку i кажа:
- Гэта мая.
Чараўнiк толькi галавою пакруцiў i думае сабе: ну й хiтры-ж ты.
Назаўтра выводзiць зноў сем галубiц, як адна, анiякае адмены, i кажа:
- Ну, хлопча, выбiрай, каторая табе палудзень насiла.
Хадзiў ён кругом, хадзiў i ўгледзеў на пазурку зялёную нiтачку, ды й кажа:
- Калi ня мыляюся, то гэта мая. А чараўнiк:
- Ну, - кажа, - ты лепшы штукар за мяне.
Назаўтра iх ажанiў i загадаў, каб матка пiльнавала, каб часам яны не паўцякалi.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|