Беларуския народныя казки (на белорусском языке) :: Автор неизвестен
Страница:
65 из 92
Як толькi пры генэралах паставiў ён на ўказе сваю царскую пячатку, - з-за пазухi яго выпырхнула лёгкая пярынка i стала добрым малайцом.
- Вось i я! - кажа Сiняя сьвiта.
Схапiў ён той указ ды ў кiшэню. Перастаў тады цар-чараўнiк хованкамi займацца.
АЛЁНКА
Жылi дзед i баба. I была ў iх дачка Алёнка. Ды нiхто з суседзяў не называў яе па iменi, а ўсе звалi Крапiўнiцай.
- Вунь, - кажуць, - Крапiўнiца сваю Сiўку павяла пасьвiць.
- Вунь Крапiўнiца з Лысуном у грыбы пайшла.
Толькi i чуе Алёнка - Крапiўнiца ды Крапiўнiца...
Прыйшла яна аднойчы дадому з вулiцы i скардзiцца матцы:
- Чаму гэта, мамка, нiхто мяне па iменi не называе?
Мацi ўздыхнула i кажа:
- Таму, дачушка, што ты ў нас адна: няма ў цябе нi братоў, нi сясьцёр. Расьцеш, як тая крапiва пры плоце.
- А дзе-ж мае браты i сёстры?
- Сясьцёр у цябе, - кажа мацi, - няма, гэта праўда, а братоў было тры.
- Дзе-ж яны, мамка?
- Хто iх ведае. Як я цябе яшчэ ў калысцы калыхала, паехалi яны ў сьвет зь лютымi Зьмеямi-Цмокамi ваяваць, сабе i людзям шчасьце здабываць. З таго часу i не вярнулiся...
- Дык я пайду, мамка, шукаць iх - не хачу, каб мяне Крапiўнiцай называлi!
I як бацька i мацi нi адгаварвалi яе, - нiчога зрабiць не маглi. Тады мацi i кажа:
- Адну цябе я ня пушчу: малая ты яшчэ для такой дарогi. Запрагай Сiўку i едзь. Сiўка наша старая, разумная - яна завязе цябе да братоў. Ды глядзi, нiкуды нанач не заяжджай: едзь як дзень, так ноч, пакуль братоў ня знойдзеш.
Запрэгла Алёнка Сiўку, узяла хлеба на дарогу i паехала.
|< Пред. 63 64 65 66 67 След. >|